haiax » 25 янв 2019, 16:09
Падарунак на Вадохрышча.
Сумняваўся цi ехаць увогуле на паляванне. Адлiга змянiлася на мароз, ледзяшы з дрэвау пабiлi снежнае покрыва ў лесе шматлiкiмi ямкамi. Вось сапрауднае выпрабаванне для нюха ганчака!
Ранiцою праверыў шарон на двары. Ломiцца пальцамi, ня надта рэжа. Прыняў канчатковае рашэнне ехаць. Выжлец хаця i падрэжыцца, але не сакалечыцца. У лесе мусяць быць толькi мы з ганчаком ды зайцы альбо яшчэ якiя iншыя недавяркi, як я))
Паехаў iзноў на курганы, дзе на мiнулым тыднi паразганяў зайцоў. Свежых слядоў няма. Ганчак раскiрэчыў ногi i фацэтна iх перастауляе. Пра лiхiя скокi праз павалы ня можа быць i гаворкi. Хадзiць цяжка нават па лесе. Пайшоў па сваiх слядах, ступаючы як у шкляныя вядзерцы.
З кончыка гона ў выжлеца падаюць кропелькi крывi, на слядах таксама праглядваюць. Вырашыў iсцi у большы лес. Там у лагах больш снегу, на iм чамусцi няма шарону, зайцы павiнны пакiдаць сляды, нат калi сёння не хадзiлi. Ды i паляваць у гэным лесе можа ўжо не давядзецца. На лета плануюць там зрабiць зону «А» – разводзiць аленяў для замежнiкаў ды заможных мiнскiх карабiнераў. Ганчатнiкам можа дадуць зону каля шашы на Гародню, бо там чамусцi аленi ня хочуць разводзiцца, а тое што на асфальце не адзiн ганчак ляжа дык гэта мяснiкоў i iхняе кiраунiцтва у БТПР толькi усцешыць.
Дапоўз да леса. Сапраўды ў лагчыне снегу па пояс, але i заяц сляды пакiнуў. Ганчак адразу iмi зацiкавiўся i праз пару хвiлiн ярка пагнаў. Хвiлiн 20 прастаяў у лагу. Тут добра, ветра маразянага не адчуваеш. Можа на мяне б i выкацiў шарак, але з поля смык мяшанцаў заганаў у лес iншага шарака. На гэтым iхнi гон скончыуся, але яны яшчэ хвiлiн 15 пабрэхвалi раз пораз, пакуль не пачулi як у кустоўi раве iхнi гаспадар, падымаючы iм чарговага зайца.
Гляжу па навiгатары, а мой заяц ужо двойчы прасеку пералез, вырашыў i я на яе ўзбiцца. Па прасецы iсцi цяжка - снегу намяло па пояс, а па лесе - гучна. Выпаўз на пагорак прасекi, стаў за голы куст i убачыў за 180 метраў вялiкага шарака, што пераплывае прасеку. Ен стаў, паглядзеў на мяне i рушыў далей. Выжлец за iм выбег праз 5 хвiлiн. Гон увесь час быу у межах 600 метровага кругу, але заяц па сваiх слядах амаль не хадзiў, вiдаць што ён iх сам ня бачыў. Праз дзве з паловай гадзiны ганчак кiнуў зайца. Пайшлi шукаць iншага.
На лясной дарожцы ледзь зауважны след шарака, па iм пабег ганчак ды саскочыў у густы ялiннiк з паваламi. Аказаўся, нават завыу цi то ў роспачы, што няможа ўзагнаць зайца, цi то спадзяючыся сагнаць яго з лежнi. Дапамагчы яму я б ня змог нават калi б захацеу, бо месца вельмi густое.
Пайшлi шукаць iнщага. Дакладней шукаў ганчак, а я iшоў па старых слядах iншых паляўнiчых. Зайшоў чарговы лясны яр. З аднаго боку густы ялiннiк, з другога – асiннiк, улюбёнае месца шаракоў. Адразу ўбачыў, што нейкi малады згаладнелы тут сталавауся ночай. Але бачна сляды для сабакi зусiм незауважныя. Толькi натхнёны папярэдняй няудачай ганчак вырашыў абшукаць увесь ялiннiк. Я адпачываў i збiраўся ужо вяртацца да машыны. Раптам пачаўся гон, па iм было чуваць, што шарак злез ранней, можа пачуў як я храбусцеў у яры. Зноў пачаў штурмаваць прасеку. Разы са два павалiўся, набраў снегу ў боты, зламаў пазногаць, калi стаў яго з iх здабываць, абдрапаў рукi аб малiннiк - стау крывiць разам з ганчаком)). Гон цягнуўся павольна. На 700 метраў пасунууся за паугадзiны. Але пачаў вяртацца.
Шарэла. Пералез на супрацьлеглы ад ялiннiка бок прасекi i стаў чакаць. У галаву лезлi сумныя думкi. Таварышы паляунiчыя адзначаюць вадохрышча, ладзяць драбiну у сажалку, а я тут захрас на час вядомы толькi ганчаку. I толькi падумаў аб тым, што чаму б Госпаду не з'явiць ласку сваю – зрабiць мне падарунак на Вадохрышча ў выглядзе зайца, як убачыў, што невялiчкi шарачок паузе пад ялiнкамi насустач гону.
Пакуль ускiнуў стрэльбу, шарак запоуз за сумёт. Стрэлiў у сумёт, спадзеючыся, што шрот праб'е снег. Снег асыпаўся i я зауважыу пад iм павалiну. Але калi Пан Бог вырашыў мяне ашчаслiвiць, то мусiць заяц павiнны быў ускочыць мне ў заплечнiк. Заяц вылез насупраць мяне на прасеку i ўсеуся каля куста. Нават гэткаму недалужнаму стралку, як я, цяжка было спудлаваць. Выжлец прыйшоў з голасам толькi праз 10 хвiлiнаў! I ў царкву ж па нюх для ганчака ня сходзiш.
Узяў ганчака на повад. У поўнай цемры ён давалок мяне да машыны.
- Вложения
-
-
За это сообщение автора haiax поблагодарили - 4:
- Aleksej_006, Kaiman, канонир, Мікалай